ПАРТЫЗА́НСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ САМАДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
творчасць аматараў мастацтва, што разгарнулася на акупіраванай тэр. Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны ў партыз. атрадах, брыгадах, злучэннях на тэр. партызанскіх зон. Садзейнічала выхаванню патрыятызму і мабілізоўвала на барацьбу з ворагам. Калектывы маст. самадзейнасці партызан існавалі ў форме агітбрыгад, агітатрадаў, маст. ансамбляў, ансамбляў песні і танца, партыз. джаз-аркестраў і інш. У праграмах іх выступленняў былі песні, прыпеўкі, танцы, байкі, вершы, сатыр. сцэнкі, урыўкі з драм. п’ес, акрабатыка. Першы вядомы канцэрт адбыўся ў Гомельскім партыз. атрадзе ў вер. 1941. У многіх партыз. калектывах узнікалі песні, створаныя мясц. аўтарамі — паэтамі і музыкантамі (вядома больш за 20 аўтараў напеваў і каля 60 аўтараў паэт. тэкстаў).
Найб. значныя калектывы: Агітатрад імя А.М.Горкага, Лідскі партыз. т-р [агітбрыгада маст. самадзейнасці Лідскага падп. гаркома і райкома КП(б)Б пад кіраўніцтвам Я.Д.Гапеева (маст. кіраўнікі М.Шчансновіч, Г.Ананьева)], агіткалектывы 1-й Мінскай партыз. брыгады, 12-й кавалерыйскай партыз. брыгады імя Сталіна, 277-га партыз. атрада, 300-й партыз. брыгады імя К.Я.Варашылава, 537-га партыз. палка, 760-га партыз. атрада імя М.Беразоўскага, атрада імя Г.К.Жукава, камсамольска-маладзёжнага дыверсійнага атрада імя М.Ф.Гастэлы, партыз. брыгад «Аляксея», «Дзядзькі Колі», імя газ. «Правда», імя Г.К.Жукава, імя С.М.Кароткіна, імя С.М.Кірава, «Полымя», штаба Мінскага партыз. злучэння. Дзейнічалі шматлікія агіткалектывы партыз. брыгад і атрадаў Мінскай, Палескай, Пінскай абл.
У 1943 амаль усе буйныя партыз. брыгады і асобныя атрады мелі самадз. агіткалектывы. Вядомы таксама калектывы маст. самадзейнасці цывільнага насельніцтва ў партыз. зонах (гурток у в. Карпілаўка Лагойскага р-на Мінскай вобл., маст. кіраўнік — настаўніца М.Васілевіч з брыгады «Штурмавая» і інш.). Буйнейшы партыз. агіткалектыў — агітатрад імя А.М.Горкага пасля вайны працаваў пад наз. Партыз. ансамбль Вілейскай вобл., у 1945 рэарганізаваны ў прафес. Маладзечанскі абласны ансамбль песні і танца.
Літ.:
Петрович С. Лесные артисты // Клуб и художествен. самодеятельность. 1967. № 11;
Титов А. Дорога дружбы. Мн., 1958;
Николаев А.С., Ягодинский Ф.Г. Лесные артисты // Люди нарочанского края. Мн., 1975;
Сченснович Н.И. Записки актера и партизана. Мн., 1976.
Л.С.Мухарынская, С.А.Пятровіч.
т. 12, с. 124